У Гомелі працягваюцца спецыяльныя рэйды для аматараў пляжнага адпачынку

19 августа 2017

Праўда, у нестандартнай форме. Правілы бяспекі тлумачаць не толькі супрацоўнікі Таварыства ратавання на вадзе, але і клоўны. А валанцёры Чырвонага Крыжа вучаць навыкам аказання першай меддапамогі.

Рэпартаж Вольгі Халадовіч. Навыкі бяспекі на вадзе – у такой нестандартнай форме гэта ноу-хау для аматараў пляжнага адпачынку. Валанцёры Чырвонага Крыжа, супрацоўнікі Таварыства выратавання на вадзе і ўдзельнікі тэатра блазнавання і пантамімы аб'ядналіся і такім дэсантам высадзіліся на гарадскім пляжы, каб нагадаць пра тое, што адпачынак у першую чаргу павінен заставацца бяспечным.

Брашуры, апытанне, пітны рэжым, гульні і магчымасць адпрацаваць тэорыю на практыцы - на манекенах. Рабіць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца вучылі ўсіх ахвотнікаў.

Дарэчы, афіцыйны пляж - гэта спецыяльна падрыхтаванае месца. Тут дзяжураць ратавальнікі. Ёсць пад'езд для хуткай дапамогі. У такіх месцах, падкрэсліваюць супрацоўнікі Таварыства выратавання на вадзе, практычна не фіксуюць выпадкі гібелі людзей. А вось так званыя стыхійныя пляжы маюць сваю сумную статыстыку.

Хоць і невялікія, але парушэнні. І зноў нагадваюць адпачывальнікам пра асцярожнасць.

Самае галоўнае правіла бяспекі на вадзе - пра гэтую самую бяспеку не забываць. Што тычыцца дзяцей, то тут усё цалкам залежыць ад іх бацькоў. Напрыклад, перш чым адпусціць сына ці дачку купацца, не палянуйцеся самі праверыць дно ракі.

Пакуль жнівень радуе надвор'ем - вадаёмы застаюцца самым папулярным месцам для адпачынку. Але ж варта памятаць: вада не даруе нядбайнасць. Таму вось такія летнія патрулі будуць працягваць сваю работу.