У "Каралевы Вясны" зімовае імя

27 мая 2017

Студэнты вызначылі самую абаяльную і творчую у конкурсе “Каралева Вясна - 2017”. Пераможніцай стала студэнтка Віцебскага тэхналагічнага універсітэта Сняжана Міхейцава. Журы ацэньвала артыстызм, грацыю, сцэнічныя даныя, камунікабельнасць і пачуццё гумару.

Наш віцебскі карэспандэнт Вольга Маслоўская, вядома ж, падтрымлівала сваю зямлячку. Парусамі лёгкай прамысловасці называюць Віцебскі тэхналагічны. Але ёсць у гэтай альма-матар яшчэ адна адметная рыса. Тут вучацца сапраўдныя каралевы прыгажосці. І гэта не суб’ектыўнае меркаванне, а факт. Вядома, што менавіта студэнтка гэтага ўніверсітэта Марыя Кежа ў 1990 годзе заваявала тытул “Міс СССР”. Два гады таму Святлана Гарбачова перамагала ў міжнародным фінале студэнцкага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна”. Цяпер Беларусь у спаборніцтве самых творчых і прыгожых студэнтак СНД прадставіць Сняжана Міхейцава. Дарэчы, яшчэ адна студэнтка Віцебскага тэхналагічнага універсітэта - Дзіляра Сатарава - на рэспубліканскім этапе конкурсу “Каралева Вясна” стала “Міс Натхненне”.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што творчае жыццё ВНУ не вельмі займала студэнтку. На першых курсах будучы таваразнавец-эксперт поўнасцю прысвяціла сябе вучобе.

У вольны час заняткі спортам. За плячамі 10 гадоў прафесійнага тэніса. Калі па прапанове сяброў упершыню выйшла на сцэну ва ўніверсітэцкім конкурсе, адкрыла ў сабе новыя творчыя здольнасці, нават пачала спяваць. Са сталічнай сцэны ў выкананні Сняжаны гучаў патрыятычны рэп. Напрыканцы песню “Мама Беларусь” выконвала ўся зала.

Інтэлектуальны конкурс таксама на выдатна. На пытанне, што вынайдуць беларускія навукоўцы праз тысячагоддзе, студэнтка выказала здагадку, што гэта будзе жаночая сумачка з функцыяй галасавога пошуку рэчаў і мужчынскія шкарпэткі з магнітнымі валокнамі, каб уладальнік ніколі не губляў пару.

Падрыхтоўка да рэспубліканскага этапа заняла шмат часу. Дапамагаў універсітэт. Цэлы аўтобус балельшчыкаў адправіўся ў сталіцу. І менавіта група падтрымкі Віцебскага тэхналагічнага была самай прыкметнай у глядзельнай зале.

Наперадзе міжнародны фінал. Разам з пераможніцай конкурсу “Каралева Вясна” Сняжанай Міхейцавай паедзе першая віцэ-каралева – студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алёна Енка.

Песня “Мама Беларусь” зноў прагучыць 26 чэрвеня ўжо ў Стаўрапалі.