На Гродзеншчыне актыўна працуюць над пашырэннем рынкаў збыту мясцовай прадукцыі

23 июля 2016

У прыватнасці, за найбліжэйшую пяцігодку плануецца істотна павялічыць экспарт нашых тавараў у краіны так званай далёкай дугі, а гэта Кітай, Індыя, В’етнам, Інданезія. Паралельна прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на вытворчасці мэблі і іншай драўлянай прадукцыі, узяліся за асваенне еўрапейскага рынку.

У найбліжэйшы час Гродзенская вобласць плануе выйсці на паказчык 2 мільярды долараў ЗША па экспарце тавараў. Новыя перспектывы абяцае адкрыццё найбуйнейшай пляцоўкі беларускай прадукцыі ў Маскве. Яна размесціцца на 54-х квадратных метрах. І атрымаць там сваё месца для экспанавання прадукцыі на льготных умовах змогуць у тым ліку і прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу Гродзеншчыны.

У кітайскай правінцыі Ганьсу ў перспектыве будуць створаныя выставачна-гандлёвыя цэнтры для гродзенскіх вытворцаў. Гэта дазволіць стварыць падмурак для павелічэння паставак айчыннага тавару ў Кітай. Замежныя калегі выказвалі цікавасць да малочных прадуктаў, сокаў, шкла, лёну, крухмалу. Некаторыя прадпрыемствы ўжо рэалізавалі першыя партыі і пачалі работу па стварэнні дыстрыб’ютарскай сеткі ў КНР.