Па краіне пачасціліся аварыі з удзелам дзікіх жывёл

22 июля 2017

Жывыя перашкоды на дарозе - па краіне пачасціліся аварыі з удзелам дзікіх жывёл. Такія здарэнні фіксуюцца амаль кожны дзень, і часта вадзіцелі атрымліваюць траўмы. Чым выклікана вялікае перасяленне жывёл, і як засцерагчы сябе ад нечаканай сустрэчы на дарозе? У праблеме разбіраўся Ян Пашкевіч.

Шляхі Дзяніса і велізарнага чатырохногага пешыхода перасякліся на трасе ў Чэрвеньскім раёне. На памяць аб нечаканым знаёмстве ў аўтамабіліста засталІся выбітыя фары і шкло, а дах машыны наогул склала гармонікам.

На тым самым скрыжаванні лясныя ліхачы выскокваюць на дарогу пастаянна - металічная агароджа ўздоўж насаджэнняў тут перарываецца. Жывёлы выходзяць на дарогу і не могуць трапіць назад у лясны дом. Стрэсу выпадковым вандроўнікам дадае святло і гул ад машын.

Калі ж аварыі пазбегнуць не атрымалася, сутыкненне лічыцца звычайным ДТЗ. Пры наяўнасці страхоўкі КАСКА вадзіцель атрымае поўную кампенсацыю.

А вось дарога побач з возерам Нарач восенню і вясной становіцца палігонам для манеўравання – тут пачынаецца перасяленне жаб з балота ў вадасховішча і наадварот.

У вандроўкі па Беларусі жывёлы адпраўляюцца па адмысловых прыродных маршрутах, якія з'явіліся сотні гадоў таму і нават сучасныя аўтамагістралі не могуць прымусіць ласёў, аленяў, казуль адхіліцца ад запланаванага маршруту. Звычайна на новае месца лясных жыхароў кліча жаданне стварыць сям'ю або знайсці лепшае месца жыхарства.

Шматузроўневыя развязкі з жывёльнымі сцежкамі звычайна ствараюць падчас будаўніцтва новай трасы або аднаўлення вялікіх магістралей. У іншым выпадку аб лясных пешаходах вадзіцеляў папярэджваюць знакі і спецыяльная агароджа.

Бяспечна перайсці трасу жывёлы могуць і па падземным пераходах.

Умясціць жа дарослых ласёў і аленяў такая труба не можа – спецыяльна для іх узводзяць амаль пяцімятровыя тунэлі.

Час пік у лясных скакуноў пачынаецца з раніцы, калі жывёлы ідуць на пошукі ежы, і ўвечары, калі яны вяртаюцца дадому. Менавіта ў гэты час з начнымі перабежчыкамі і здараецца большасць аварый.