Беларускія навукоўцы павялічваюць эканамічную эфектыўнасць сваіх інавацыйных распрацовак

21 января 2017

Прыбытковыя праекты - беспілотныя лятальныя апараты, трохмерны друк, медыцынскія ноу-хау. Пачаў працу і навукова-тэхналагічны парк "БелБіяград". Сёлета на чарзе стварэнне новага Беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. А якая ўжо ёсць аддача з космасу, у нашых навукоўцаў пацікавіўся Аляксей Кандраценка.

Бяспека, у тым ліку і харчовая, надвор'е, геалакацыя, будаўніцтва - усё гэта звесткі, якія мы атрымліваем ад Беларускага касмічнага апарата. Адным словам, многія зямныя пытанні эфектыўна вырашаюцца з космасу.

Цэнтр кіравання палётамі - аб'ект хоць і не сакрэтны, але трапіць у яго непроста. Але менавіта зараз гэта магчыма. Бо ў многіх арганізацыях Нацыянальнай акадэміі навук праходзяць дні адчыненых дзвярэй.

Знакаміты будынак з антэнай на Сурганава, падымаемся на пяты паверх, і мы… у космасе! Калі дакладней, то на сувязі з арбітай.

Апарат - так спецыялісты ЦКП паміж сабой называюць спадарожнік - працуе на вышыні 520 кіламетраў. Навукоўцы з ім на сувязі кругласутачна. Беларускі касмічны апарат адпраўляе фотаздымкі з зямной паверхні. Імі карыстаюцца звыш 20 арганізацый 11 міністэрстваў.

Сёлета ў планах Акадэміі навук - стварэнне новага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Карты, якія зробяць з яго дапамогай, вырашаць, напрыклад, кадастравыя задачы.

Менавіта аб'яднаны Інстытут праблем інфарматыкі зараз займаецца распрацоўкай электроннай сістэмы аховы здароўя.

Спецыялісты па біяінфарматыцы займаюцца дыягностыкай такіх няпростых хвароб, як лейкозы і лімфомы.

Не дзеля ўзнагарод, справаздачы або артыкулаў у энцыклапедыі, а ў імя станоўчага эфекту для эканомікі Беларусі. Прынцып працы інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук - максімальная аддача ад іх распрацовак. Уклаў рубель у інавацыйны праект - атрымаў 50. І гэта ўжо магчыма. За такімі лічбамі - не толькі штодзённая праца кожнай навуковай арганізацыі, але і прэстыж усёй краіны.