У Беларусь перабраліся ўжо 150 тысяч украінцаў

4 октября 2015

Сёння зямны шар расколваецца ад крывавых канфліктаў - менавіта так Аляксандр Лукашэнка ацаніў геапалітычную сітуацыю. Але гэта не проста канстатаванне аб'ектыўнай рэальнасці, а перасцярога ад будучых памылак і просьба выправіць тое, што выпушчана - выратаваць далікатную раўнавагу там, дзе гэта магчыма. Ніхто з нас яшчэ 2 гады таму нават не меркаваў, што брат можа пайсці на брата, што літаральна ля нашых межаў успыхне пажар вайны.

Паводле звестак ААН, з-за канфлікту на Данбасе Украіну пакінулі больш як 2 мільёны чалавек. Вялікая частка перасяленцаў - унутры краіны, але каля 900 тысяч шукаюць прытулак у іншых краінах. Больш за 80 тысяч чалавек аддалі перавагу пераехаць у Беларусь. Але пры гэтым трэба разумець, што гэта звесткі мінулага года. Паток мігрантаў не саслабляецца, і, калі ўзяць у разлік і 2015-ы, то ў нашу краіну перабраліся ўжо 150 тысяч украінцаў, а 35 тысяч атрымалі магчымасць жыць і працаваць у Беларусі. Непрыдуманыя гісторыі на тэму вайны і міру ў рэпартажы Аляксандра Смірнова.

Ён прывык маліцца і за сябе, і за іншых: і за сяброў, і за ворагаў. І за тых, хто дрэнна паступіў, і за тых, хто нічога не зрабіў, і за ўкраінцаў, і за расіянаў. Прасіць у Бога за ўсіх - яго прызначэнне.

Протаіерэй Павел прызнаецца: малітва за беларускі народ нараджаецца па волі сэрца. Чужы Віцебск даў яму тое, што страціў родны Данецк - мір. Праўду гавораць: калі няма міру - не трэба нічога: ні прадукты харчавання, ні вопратка, ні цэны не маюць ніякага значэння. Перажытае год таму ва Украіне ён успамінае са страхам у вачах.

протаіерэй Павел Гесаль, клірык Віцебскай епархіі: "Мы ўжо страчваем розум. Нас не цікавіць ежа, хлеб, нас цікавіць, калі нас будуць абстрэльваць. Вось у такім псіхозе жывуць людзі. Гэта блакада. Кавалак пекла. Ляціць, свішча - ну і Бог з ім. Трапіць - так трапіць. Разумееце".

Таццяна і Наталля - сяброўкі з дзяцінства. Вось і ў бядзе зноў апынуліся разам. Гомель - найбліжэйшы для ўкраінскіх бежанцаў абласны цэнтр Беларусі. Жанчыны прызнаюцца, што больш за ўсё спалохалася за дзяцей. Спачатку абедзве сям'і трапілі ў пункт часовага размяшчэння. Ім дапамаглі аформіць дакументы, знайсці жыллё і працу. Зараз абедзве сяброўкі ўладкаваліся ў крызісным аддзяленні цэнтра сацабслугоўвання, дапамагаюць, у тым ліку, і сваім землякам - перасяленцам.

У МУС асноўнае пытанне - украінскае. Гэта тры гады таму асноўны паток мігрантаў ішоў з Афганістана, потым з Сірыі. Зараз 80% перасяленцаў з паўднёвай краіны-суседкі. У лічбах: амаль за 2 гады 150 тысяч украінцаў зарэгістраваліся ў Беларусі, 35 тысяч атрымалі дазвол на пастаяннае або часовае знаходжанне.

Нават у МУС прызнаюцца: бежанцамі можна назваць усіх, хто спрабуе збегчы ад вайны. Справа не ў афіцыйным статусе, які выдаецца на падставе міжнародных нормаў, а ў стаўленні. І як паказвае практыка, простыя беларусы вельмі трапятліва ставяцца да болю ўкраінскіх братоў.

Цяганіна для ўкраінскіх перасяленцаў максімальна скарочаная. Атрымаць так званую дадатковую абарону можна ўсяго за 2-3 месяцы. Для гэтых людзей прамаруджанне з даваннем жылля, працы, адукацыі, медабслугоўвання было б падобна катаванню. Але дзякуючы ўказу Кіраўніка дзяржавы практычна ўсе, хто папрасіў дапамогі, жывуць з беларусамі практычна ў роўных умовах. Што ж да будучыні… у простых людзей і мары, і просьбы, і малітвы таксама простыя.

Надзея Кокарава, жыхарка Магілёва (грамадзянка Украіны): "Колькі тут (кожны дзень думаю аб гэтым) - як там нашы сябры, знаёмыя, сваякі. Аб міры - каб мір наступіў. Каб блізкія, родныя выжылі. Проста людзі, якія там ёсць".

Таццяна Асіпенка, бежанка з Украіны: "Жадаецца, каб патэлефанавалі родныя і сказалі: вяртайцеся, у нас усё скончылася, нарэшце-та, мір".