Дзень памяці Аляксандра Ціхановіча на "Славянскім базары"

16 июля 2017

Для артыстаў постсавецкай прасторы "Славянскі базар" заўсёды быў не толькі фестывалем, але і абавязкова днём нараджэння Аляксандра Ціхановіча. Пра маштабы ўрачыстасцяў як на сцэне, так і за кулісамі віцебскага амфітэатра дагэтуль ходзяць легенды.

13 ліпеня, акурат у дзень адкрыцця XXVI форуму, патрыярху айчыннай эстрады споўнілася б 65. І хоць легенды ўжо няма з намі паўгода, яго песні, як і раней, гучаць на "Славянцы", хай і ў выкананні калег, родных і блізкіх.

Працяг атрымалі і добрыя справы Аляксандра Ціхановіча. Імем народнага артыста названы дабрачынны фонд. Валанцёры, сярод якіх і быў Аляксандр Ціхановіч, дапамагаюць асаблівым людзям і матэрыяльна, і маральна. Рэабілітацыя праводзіцца песняй і экстрымам. Людзі з цяжкімі захворваннямі, прыкаваныя да інваліднага крэсла, узлятаюць у неба на прагулачным самалёце і нават пагружаюцца з аквалангам. А спецыяльна да 65-годдзя Аляксандра Ціхановіча адзін з падапечных фонду здзейсніў скачок з парашутам.