Вырашчанага ўраджаю збожжа хопіць і для экспартных паставак

22 июля 2016

Вырашчанага ўраджаю збожжа хопіць не толькі для ўнутранага спажывання, але і для экспартных паставак.

Такое меркаванне выказаў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц падчас рабочай паездкі па Гомельскай вобласці. Адзначым, што рэгіён лідзіруе па тэмпах уборачнай, а сабраны ўраджай можа стаць рэкордным. Віншуючы перадавікоў жніва, міністр уручыў дыпломы і падарункі экіпажу камбайна пад кіраваннем Леаніда Краўчанкі і Яўгена Судзенкі. Механізатары першымі ў краіне намалацілі тысячу тон збожжа на айчыннай тэхніцы. Акрамя таго, за шматгадовую працу ганаровай граматай міністэрства быў узнагароджаны старшыня калгаса "50 гадоў Кастрычніка" Рыгор Шпакаў. Нягледзячы на свае 83 гады на працягу амаль паўстагоддзя ён з'яўляецца нязменным лідарам адной з самых паспяховых гаспадарак вобласці.

Леанід Заяц, Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі:

"Робім усё, каб убраць у першую чаргу палеглую збажыну, якую неабходна якасна падняць, абмалаціць, не дапусціць страт. Ну а потым па тэрміне паспявання іншых культур неабходна нарошчваць тэмпы ўборкі, каб яны былі не меншыя за 6%. Таму на працягу 19-20 дзён мы павінны ўбраць цалкам усё збожжа".

На сённяшні дзень у рэспубліцы ўбрана каля 9% плошчаў, адведзеных пад збожжавыя і зернебабовыя культуры. Агульны намалот складае 660 тысяч тон. Як адзначаюць спецыялісты, ураджайнасць сёлета вышэйшая за леташні паказчык на 4,5 цэнтнера з гектара.