Важныя тэмы з жыхарамі Асіповіцкага раёна абмеркаваў Старшыня Белтэлерадыёкампаніі

22 июля 2016

Ураджайным чакаюць год у Асіповіцкім раёне. Тут ужо сабрана 15% плошчаў. Жніво сёння пачалі ў сельгасарганізацыі "Авангард-Ніва". Гэта адзін з лідараў раёна. Як ідзе ўборачная і на што робяць стаўку працаўнікі? Важныя тэмы разам з жыхарамі раёна абмеркаваў Старшыня Белтэлерадыёкампаніі.

Падрабязней Святлана Лук'янюк. Калгас "Авангард" і паўстагоддзя таму моцна стаяў на нагах. Да яго далучалі больш слабыя гаспадаркі. У выніку сёння гэта 8 населеных пунктаў. Цэнтральная сядзіба ў вёсцы Вязье. Апошнія землі далучыліся ў сакавіку, і ў канцы чэрвеня пасля рэфармавання змянілася назва. Зараз гэта адкрытае акцыянернае таварыства "Авангард-Ніва". Да таго ж выраслі і плошчы, амаль удвая.

Урадлівыя землі тут выкарыстоўваюць па максімуме. Частка ўраджаю ідзе ў дзяржзаказ, астатняе ў засекі. Стаўку робяць на жывёлагадоўлю, патрэбныя кармы, асаблівая ўвага маладняку. Ва ўсім раёне ўжо ёсць вось такія індывідуальныя хаткі для цялят.

Тут мадэрнізавалі жывёлагадоўчы комплекс, пагалоўе больш за 3 000, актыўна ўкараняюць новыя тэхналогіі. Тры гады таму з нуля пабудавалі вось гэтую лінію па ачыстцы насення. Зараз менш страт, за гадзіну апрацоўвае да 5 тон. Нялёгкую працу давяраюць моладзі. Алеся Бондарава тут працуе аграномам менш як год, прыехала па размеркаванні, вучыцца ў больш вопытных.

Задачы Усебеларускага народнага сходу тут ужо сталі планам дзеянняў. Пра гэта сёння аднавяскоўцы гаварылі на адзіным дні інфармавання. Удзел у ім прыняў і Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Галоўныя тэмы - адказнасць кожнага на сваім месцы, ініцыятыўнасць кіраўнікоў і працаўнікоў. Сярод пажаданняў - пабольш у эфіры спартыўных спаборніцтваў рэгіянальнага ўзроўню.

Гутарка з вяскоўцамі працягнулася і на полі. Тым больш што сёння тут стартавалі Зажынкі - пачатак жніва. Збожжа гатовае да ўборкі. Гатовая і тэхніка. Па традыцыі галоўная справа пачынаецца з асвячэння і абраду жніва першага снапа пад народныя песні.

Пасля ў поле гатовыя выйсці камбайны. Рабочы дзень у гарачую пару пачынаецца ў 6 раніцы і сканчаецца за поўнач. Алег Малевіч ужо 16 гадоў за рулём гэтага камбайна, летась быў лідарам жніва раёна. У гэтым гатовы паўтарыць поспех.

Ва ўсім Асіповіцкім раёне ўжо сабрана 15% плошчаў. А тут чакаюць ураджайнасць 35-40 цэнтнераў з гектара.

У гаспадарцы "Авангард-Ніва" пад сельгаскультуры аддадзена амаль 10 000 гектараў. Каля 2 000 збожжавыя. Убраць ураджай тут плануюць за два тыдні. Галоўнае, што надвор'е гэтаму толькі спрыяе.

Працаваць зладжана дапамагае і настрой. У гэтым мы ўпэўніліся, калі пагаварылі з жыхарамі гэтых зямель. Гавораць, усё змяняецца толькі да лепшага. Ёсць і бясспрэчныя факты. Убіраюць ураджай гэтага года і ўжо робяць планы на будучыню. На вольных плошчах ад далучанай гаспадаркі пасеюць больш буракоў і кукурузы. Гэтыя культуры тут добра растуць.