У Верхнядзвінску наладзілі выпуск аналагаў еўрапейскіх сыроў

3 мая 2016

Сыры італьянскія, галандскія, швейцарскія. І калі пачыналася ўсё з разрозненых масларобных цэхаў, то сёння гэта самае сучаснае прадпрыемства. Прадукцыя масласырзавода адной з першых у Беларусі атрымала ветэрынарны экспартны нумар (для продажаў на рынку Еўрасаюза). Каля 80% мясцовай малочкі ідзе на экспарт. І гэта не толькі сыры. Новыя тэхналогіі дазваляюць рабіць сапраўдны інавацыйны прадукт - сухую дэмінералізаваную сыроватку, якая незаменная ў вытворчасці дзіцячага харчавання.

Вольга Маслоўская прадоўжыць тэму.

Помнікі сыру на постсавецкай прасторы можна ўбачыць як мінімум у трох гарадах - у Маскве, Самары і латвійскім Прэйлі. А вось нялёгкая праца сыраробаў ушанаваная толькі ў Верхнядзвінску. Гэта Ян Сырароб. Легенда гаворыць: здаўна ў гэтых мясцінах жылі сыравары. І звалі іх праз аднаго Ян.

З тых часоў тэхналогія сыраварства крочыла далёка наперад. Сёння ў рукі сырароба прадукт трапляе на самай апошняй стадыі - дэгустацыі. На верхнядзвінскім прадпрыемстве чалавечы фактар выключаны з працэсу прыгатавання сыру. Усе этапы кантралюе тэхніка.

Алена Венгер, галоўны тэхнолагі ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод": "Мы выпускаем 18 відаў сыру. А калі ўзяць іх падвіды, то атрымліваецца да 40. Стаўку робім на элітныя сыры".

У гэтых цэхах штодня перапрацоўваюць 180 тон малака. Тут няма адходаў. Грошы зарабляюць нават на тым, ад чаго раней пазбаўляліся - на сыроватцы, што застаецца пасля варэння сыроў. З яе навучыліся рабіць інавацыйны прадукт - сухую дэмінералізаваную сыроватку. Яна незаменная ў вытворчасці дзіцячага харчавання, у касметалогіі і харчовай прамысловасці. Вытрымліваць канкурэнцыю на рынку дазваляе і пастаянная работа над зніжэннем выдаткаў.

Пётр Лаўрынаў, дырэктар ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод": "На прадпрыемстве распрацаваны і паслядоўна ўкараняецца план зніжэння сабекошту на 25%. Пры той умове, што, здавалася б, усе рэсурсы вычарпаныя, ёсць з чым працаваць. Гэта і дапаможныя кампаненты, і аптымізацыя транспартных выдаткаў. І ўжо па выніках працы першага квартала знайшлі заніжэнне матэрыялаёмістасці на 3%".

70% малочкі, што вырабляецца ў Верхнядзвінску, ідзе на экспарт. Асноўны рынак - Расійская Федэрацыя. Работа па дыверсіфікацыі продажаў дадала да спісу спажыўцоў Казахстан, Узбекістан, Кыргызстан, Кітай. Такі падыход да вядзення бізнесу абяззброіў бы скептыкаў, адзначыў Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Сёння кіраўнік галоўнага медыяхолдынга краіны азнаёміўся з усімі этапамі прыгатавання сыроў і пагутарыў з калектывам прадпрыемства.

Падчас сустрэчы Генадзь Давыдзька гаварыў пра задачы сучаснага тэлебачання, кантэнт каналаў, што складаюць сям'ю БТ. Завадчане ж адзначылі, што рэгіянальны "Беларусь 4", які стартаваў нядаўна, ужо здолеў заваяваць свайго гледача.