У Мінску адкрываецца Беларускі прамысловы форум

23 мая 2017

У Мінску на пляцоўцы Футбольнага манежа адкрываецца Беларускі прамысловы форум. У сталіцу з'ехаліся прадстаўнікі кампаній больш як з 30 краін.

Якія інавацыі і распрацоўкі пакажуць публіцы гэтым разам? Даведаемся ў нашага карэспандэнта Вольгі Анішчанкі (прамое ўключэнне).

Сёння і ў наступныя дні на пляцоўцы Футбольнага манежа - амаль тры сотні кампаній. І прадстаўляюць яны некалькі дзясяткаў краін. Не заўсёды проста размясціць на адной пляцоўцы такую колькасць тэхналогій, абсталявання. Таму частка экспазіцыі, як правіла, самая цяжкая - і гэта ўжо традыцыя - пераязджае на свежае паветра. На пляцоўку каля Футбольнага манежа.

Сёння тут калі не ўсе, то шматлікія беларускія аўтагіганты. Свае навінкі тут выстаўляе Мінскі аўтамабільны. Не толькі аўтобус, яшчэ і бартавы аўтамабіль, а таксама аўтамабіль-офіс. Працуе на газаматорным паліве. Новыя ўзоры тэхнікі пакажа МТЗ, а таксама "Амкадор". Беларуска-кітайскі аўтапрам прадстаўлены таксама навінкамі - тут можна ўбачыць тры новыя мадэлі аўтамабіляў "БелДжы". Гавораць, амаль усё гатова да запуску іх вытворчасці. Вядома, маштабна паказаная навука. Сотні распрацовак, якія тут, на гэтай пляцоўцы, праходзяць своеасаблівае тэсціраванне і ацэнку іх магчымасцяў ужывання ў рэальным сектары эканомікі. Навукоўцы гавораць пра эпоху лічбавай прамысловасці, эпоху 3D-прынтараў. І тут прадэманструюць розныя тэхналогіі - ад друку металам, керамікай да біядруку, друку г. зв. біялагічнымі чарніламі. Да стварэння органаў пакуль яшчэ далёка, але спрабаваць ствараць штучную тканку ўжо можна, адзначаюць прадстаўнікі НАН.

Адным словам, шырокай публіцы тут пакажуць усё тое новае, што ўжо хутка, магчыма, возьме на ўзбраенне медыцына, энергетыка, прамысловасць. А шматлікія вытворцы і навукоўцы атрымаюць галоўныя для сябе адказы: ці патрэбныя эканоміцы іх распрацоўкі, ці будуць яны запатрабаваныя рэальным сектарам.