У Мінску да канца года з'явіцца 30 новых прадпрыемстваў малога прадпрымальніцтва

24 августа 2016

Гэта дазволіць стварыць каля сотні рабочых месцаў. Галоўная роля ў развіцці дзелавых стартавых ініцыятыў належыць сталічным бізнес-інкубатарам.

Як перспектыўная ідэя ператвараецца ў выгадны праект, убачыў Аляксей Кандраценка.

Усё пачыналася з невялікай палаткі з зорбінгам на пляжы, сёння ж у Мікалая Шэметава сваё кафэ і некалькі офісаў. Замацаваўшы пазіцыі ў статусе рэзідэнта бізнес-інкубатара, малады чалавек паспяхова развівае сваю справу і выразна бачыць перспектывы.

Рэалізаваць творчую мару ў жыццё! Так сфармуляваў сваю бізнес-ідэю Дзяніс Орсік. Выпускнік Акадэміі музыкі стварыў з некалькіх падвальных памяшканняў цэлы арт-квартал, "жыхарамі" якога сталі яго ж вучні. Фартэпіяна, гітара, у тым ліку гавайская, губны гармонік і вакал даступныя дарослым і дзецям.

За апошнія гады "выпускнікамі" ўсіх сталічных інкубатараў сталі больш за сто прадпрыемстваў, якія прадэманстравалі значныя эканамічныя паказчыкі. Пры гэтым самыя выдатныя менавіта ў інкубатара "Маладзёжнай сацыяльнай службы".

Сёння ў гэтай структуры звыш 160 прадпрыемстваў малога бізнесу. Пры падтрымцы гарадскіх уладаў тут створаныя камфортныя ўмовы, пры якіх крэатыўныя ідэі ператвараюцца ў паўнавартасны праект.

Сёння ў Мінску 24 цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва і 8 інкубатараў малога бізнесу. Перавагі такіх старт-пляцовак відавочныя: перш за ўсё гэта новыя рабочыя месцы. Дарэчы, за найбліжэйшыя месяцы ў сталіцы з'явіцца 30 міні-прадпрыемстваў, а гэта значыць, што рабочае месца атрымаюць не менш за сотню чалавек.