У фінансавым цэнтры Азіі адбыўся беларускі інвестфорум

18 января 2017

"Беларусь кліча Ганконг". У фінансавым цэнтры Азіі адбыўся беларускі інвестфорум, арганізаваны пасольствам нашай краіны ў Кітаі.

Мерапрыемства, у першую чаргу, было прысвечана двухбаковаму супрацоўніцтву ў сферы інвестыцый, фінансаў і турызму. На палях форуму прайшлі сустрэчы прадстаўнікоў банкаў, інвестфондаў, фінансавых кампаній і дзелавых колаў Беларусі і Ганконга. Нашу дэлегацыю ў спецыяльным адміністрацыйным раёне Кітая ўзначаліў першы намглавы Кабінета Міністраў Васіль Мацюшэўскі. Ён правёў сустрэчы з кіраўніком адміністрацыі Ганконга Лян Чжэнь Інам, рэгіянальным прэзідэнтам карпарацыі Huawei Лю Хунь Юнем і прадстаўнікамі СІТІС - гэта найбуйнейшая інвестыцыйная кампанія Паднябеснай. У ліку вынікаў візіту ўжо можна назваць узаемную адмену віз.

Яна ўвойдзе ў сілу пасля завяршэння ўнутрыдзяржаўных працэдур. Адзначым, Ганконг - адзін з самых развітых рэгіёнаў Азіі. Яго ВУП перавышае 300 мільярдаў долараў пры насельніцтве сем з паловай мільёнаў чалавек. Пры гэтым доля паслуг у валавым унутраным прадукце дасягае 90 працэнтаў. Таксама Ганконг - другі ў свеце атрымальнік прамых замежных інвестыцый пасля ЗША і трэці па велічыні інвестар у Азіі.