У Беларусі завяршаецца работа па аздараўленні прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу

23 июня 2017

Аб гэтым сёння заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, наведваючы з рабочай паездкай Барысаўскі раён. Шэраг дакументаў ужо прыняты. На чарзе - аздараўленне камбінатаў хлебапрадуктаў, а таксама развіццё раённых аграсэрвісаў. Такая ўвага дазволіць палепшыць эканоміку прадпрыемстваў, нарасціць вытворчасць і ўмацаваць пазіцыі на экспартных рынках.

Сёння Барысаўскі раён - сярод рэгіёнаў, якім урад прапануе новыя праграмы развіцця тэрыторый. Меры па вывадзе раёна на новы ўзровень разглядаюцца сумесна з мясцовай уладай. Сёння Барысаў наведаў прэм'ер-міністр. Вольга Анішчанка - з падрабязнасцямі.

Рэгіянальнае развіццё Беларусі прызнана адным з прыярытэтных кірункаў у рабоце ўрада. Ідэя аб тым, што тэмпы развіцця рэгіёнаў неабходна паскорыць, падтрымана на самым высокім узроўні. Увага як да раёнаў у цэлым, так і да асобных гарадоў, да працы і прыватнікаў, і дзяржсектара. Схему літаральна нядаўна адпрацавалі на Аршанскім рэгіёне, дзе правялі выязное пасяджэнне Савета міністраў. Зараз - час Барысаўскага. Сёння тут з папярэдняй інспекцыяй горадаўтваральных прадпрыемстваў, дзе пакуль не ўсё гладка, кіраўнік урада Андрэй Кабякоў.

На парадку дня - узбуйненне і аптымізацыя сельгаспрадпрыемстваў. Генеральная лінія, якой барысаўчане прытрымваюцца даўно. Раёну патрэбен аграхолдынг, прапаноўвае мясцовая ўлада. На базе Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў. Пад крыло прапаноўваюць узяць некалькі хлебных філіялаў, свінакомплекс і нават Барысаўскі мясакамбінат. У выніку атрымаюць замкнёны цыкл вытворчасці. Па прынцыпе "ад поля да прылаўка". Упэўніваюць: і перапрацоўваць, і зарабляць стануць куды больш.

Увага ўрада і да будаўнічай сферы. Мясцовы завод буйнапанэльнага домабудавання не можа разлічыцца з даўгамі. Некалькі гадоў назад вытворчасць цалкам мадэрнізавалі, істотна завінаваціўшыся і банкам, і бюджэту. Разлічвалі на прыток заказаў, але попыту не было. Упаў ён і з боку галоўнага заказчыка - дзяржавы. Сёння тут працуюць толькі на 10% магчымасцяў. Могуць больш, але патрэбна крэдытная адтэрміноўка.

На асаблівы кантроль возьмуць і мясцовы завод хрусталю. Некалі вельмі паспяховы вытворца ўсе апошнія гады ў працэсе санацыі. Эканамічных цяжкасцяў на заводзе шмат, не ўтойвае прэм'ер, але вытворчасці ў Барысаве быць.

Чакаецца, што Барысаўскі раён стане наступнай пасля Оршы пляцоўкай правядзення выязнога прэзідыума Савета міністраў. А значыць, для раёна распрацуюць комплекс першачарговых мер па далейшым развіцці гэтых тэрыторый. З выразнай стратэгіяй - будучай працы прадпрыемстваў, інвестыцыйнай палітыкі і праграмы занятасці мясцовых жыхароў.