У Беларусі сёння паменшылася стаўка рэфінансавання

18 января 2017

Рух адбыўся на адзін пункт - да 17% гадавых. Летась гэты індыкатар памяншаўся чатыры разы. Чарговае рашэнне прадыктавана аб'ектыўнымі прычынамі. Па выніках мінулага года інфляцыя была 11,5% пры прагнозе на 12%. Захоўвалася стабільнасць і на дэпазітным і валютным рынках краіны. Ці патаннеюць у сувязі з паніжэннем стаўкі рэфінансавання крэдыты і дэпазіты? Меркаванні банкіраў і эканамістаў у нашага карэспандэнта Святланы Лук’янюк.

Такія таблічкі сёння сустракалі кліентаў шматлікіх беларускіх банкаў. Сваё рашэнне рэгулятар заве крокам для паніжэння даларызацыі эканомікі і павышэння прывабнасці рублёвых укладаў, а эксперты - умовай для росту эканомікі. Шматлікія праекты чакаюць грашовага падсілкавання.

З паніжэннем стаўкі рэфінансавання заўсёды паўстае цалкам лагічнае пытанне: ці патаннеюць крэдыты спажывецкія, пад будаўніцтва жылля, ды і для прадпрыемстваў. Пра партфелі прапаноў і тэндэнцыі спытаем у аднаго з найбуйнейшых банкаў краіны.

Тут зараз працуюць над даручэннем Савета Міністраў аб памеры працэнтаў, ды і сумы пад ільготнае крэдытаванне жыллёвага будаўніцтва тым, хто мае патрэбу, шматдзетным і працаўнікам у сельскай мясцовасці. Банкіры засвядчаюць: паніжэнне працэнтаў па іншых крэдытах будзе плаўнае. Гаворка ідзе пра 2-3 працэнты. І залежыць ад шматлікіх фактараў. Але браць доўгія грошы на пазыку ў банка менавіта ў рублях сёння становіцца больш выгадным.

На грошы пад праекты разлічвае сёння і рэальны сектар і бізнес. Праўда, банкі, улічваючы ўсё ж высокія рызыкі і вялікі працэнт незвароту крэдытаў у мінулым, асцярожна разглядаюць кожную заяўку пазычальніка. Выйграваючы як юрасоба, кліент трохі прайгравае як укладчык. Паніжэнне стаўкі рэфінансавання да 17% гадавых паменшыць прыбытковасць у дэпазітах у беларускіх рублях.

Нягледзячы на страту працэнтаў, зберажэнні ў нацыянальнай валюце застаюцца выгаднымі ў параўнанні з валютнымі, улічваючы паніжэнне тэмпаў інфляцыі. Паводле плану, сёлета - да адназначнай лічбы. У канцы мінулага выйшлі на 11,5. Банкіры адзначаюць, у 2016 назіралася тэндэнцыя росту рублёвых укладаў. Захоўваецца яна і ў гэтым.

Летась стаўку рэфінансавання зніжалі чатыры разы, пачынаючы з 25% гадавых да 18%. Пра планы на гэты год эканамісты гавораць асцярожна, завуць рэальнымі адзін-два працэнты. Пры гэтым уніз індыкатар можа рухацца плаўна па палове або нават чвэрці працэнта.

Стаўка рэфінансавання будзе змяняцца з аглядкай на параметры інфляцыі, стан золатавалютных рэзерваў і плацежнага балансу краіны.