У Беларусі новы кошык валют

1 ноября 2016

Памяняліся суадносіны ў ім расійскага рубля, долара і еўра. У чым сутнасць такога рашэння Нацбанка, як гэта адаб'ецца на прадпрыемствах і простых людзях?

Меркаванні экспертаў выслухала Святлана Лук’янюк. Прывязаць курс беларускага рубля да рознавагавога кошыка валют вырашылі ў пачатку 2015. Для фінансавай стабільнасці на ўнутраным рынку. Гэта сусветная практыка. Для кошыка выбіраюць грашовыя адзінкі, у якіх у асноўным і гандлюе краіна. У нашым выпадку гэта расійскі рубель, долар і еўра.

З гэтага дня структура беларускага валютнага кошыка выглядае так: расійскі рубель дадаў, займае палову ў ім. Раней у яго было 40%. Долар захаваў свае пазіцыі - 30%. Еўра страціў дзясятку. У яго зараз 20%.

Дарэчы, гэта ўжо другое павелічэнне долі расійскага рубля ў валютным кошыку - у студзені мінулага года ён дадаў у вазе да 40%. А сёння яшчэ больш пераважыў іншыя валюты. У каментарыі Нацбанка гаворыцца, што гэтае рашэнне прынята ў рамках стратэгіі паэтапнага збліжэння ўдзельнай вагі расійскага рубля ў кошыку замежных валют і долі Расіі ў знешнегандлёвым абарачэнні Беларусі, і доля гэтая складае каля 50 працэнтаў.

Да таго ж і ўсе разлікі ў здзелках куплі-продажу з краінай-суседкай праходзяць толькі ў расійскіх рублях. Гэта датычыцца і выплат за энерганосьбіты.

Эксперты завуць такі крок цалкам чаканым і сцвярджаюць, што змена прапорцый не закране беларусаў і іх кашалькі і ніяк не паўплывае на прадпрыемствы-экспарцёры і на змены курсаў валют.

Што датычыцца долара і еўра, іх удзельная вага ў кошыку вызначалася суадносінамі аб'ёму таргоў тут, на Беларускай валютна-фондавай біржы. Па выніках гэтых таргоў штодня ўстанаўліваецца і афіцыйны абменны курс. А таксама доля краін ЕС у знешнегандлёвым абарачэнні краіны.

Так, па выніках таргоў на біржы з пачатку года аб'ём здзелак з доларам прыблізна ў паўтара раза перавышае абарачэнне з еўра. Адгэтуль і яго статус у кошыку.

Да таго ж, нягледзячы на тое што Беларусь шмат гандлюе з еўрапейскімі краінамі - узяць хоць бы пастаўкі нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі, - традыцыйна ў свеце ў такіх здзелках разлічваюцца менавіта ў доларах.