Стартаваў другі этап рэканструкцыі трасы М6 Мінск - Гродна

20 июня 2017

Сёння далі старт другому этапу рэканструкцыі трасы М6 Мінск - Гродна. Трэба злучыць два ўжо гатовыя ўчасткі магістралі. А гэта яшчэ амаль 70 кіламетраў новай хуткаснай дарогі. Асноўныя работы ідуць паміж Іўеўскім і Шчучынскім раёнамі. Перавагі і перспектывы дарогі з Усходу на Захад - у матэрыяле Дзмітрыя Смірнова.

Зараз М6 - гэта вялікі і неверагодна доўгі будаўнічы мурашнік. Штодня тут капаюць, перавозяць, складуюць і кладуць асфальт больш як 500 адзінак тэхнікі і каля 1000 будаўнікоў з Віцебска, Гродна, Магілёва і Гомеля. Будпляцоўка - амаль на 150 кіламетраў ад Мінскай да Гродзенскай вобласці. З наступнага года шырыня магістралі будзе большай - 22 метры - і чатыры паласы руху.

Першы маштабны этап рэканструкцыі М6 у магістраль першай катэгорыі адкрылі ў маі 2016. Тады работы пачаліся паралельна ў Мінскай і Гродзенскай абласцях на ўчастку з 57-га па 130-ы кіламетр і з 197-га па 211-ы. У кастрычніку гэтага года рух тут плануюць перавесці ўжо на новую паласу. Сёння афіцыйна адкрыўся другі этап рэканструкцыі - паміж Іўеўскім і Шчучынскім раёнамі з 130-га па 197-ы кіламетр.

Да лістапада 2018 года будаўнічым трэстам трэба апрануць у асфальт больш за 67 кіламетраў трасы М6. Дарожнае палатно будзе мець некалькі пластоў і таўшчыню 121 сантыметр.

У параўнанні з тым, якой была дарога ў 1978 годзе, калі яе пракладалі, розніца і ў якасці і ў бяспецы адчувальная. Акрамя самой асфальтабетоннай сумесі - друзавая падушка амаль на 70 сантыметраў і геарашотка.

Мікалай Мацюк, гендырэктар РУП "Мінскаўтадар-Цэнтр": "Друзавая аснова - верхні пласт асновы з асфальтабетонным пакрыццём 8 см. 8 см ніжні пласт пакрыцця і 7 см верхні пласт - трохпластовае пакрыццё, на падзяляльнай паласе будзе ўладкаваная бетонавая агароджа з ужываннем айчыннага цэменту".

Пётр Неўмяржыцкі, галоўны інжынер ДП "Белдзіпрадар": "Дарога разлічаная пад нагрузку 11,5 тон. Можна будзе бесперашкодна прапускаць усе аўтамабілі, улічваючы, што гэты кірунак на Еўропу - тут ужо зараз у раёне 20% грузавых аўтамабіляў з павышанай нагрузкай".

Але М6 - не проста траса са сталіцы ў Гродна. Дарога першай катэгорыі ў заходнім кірунку - частка маштабнага лагістычнага праекта для ўсёй Беларусі. Нароўні з аўтамабільным раскручваюцца вектары ўсёй транспартнай сістэмы.

Анатоль Калінін, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Другая кальцавая дарога, М6, вядзем будаўніцтва па дарозе Р58 і Р23 - Слуцкі кірунак. У якасці інфраструктурных праектаў - будаўніцтва ўзлётна-пасадачнай паласы, у наступным годзе ўводзім. Будуем авіярамонтны завод - гэта ўсё інфраструктурныя праекты, якія дазволяць стварыць умовы для развіцця эканомікі".

Падобнае меркаванне выказаў і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка. Міжнародны фінансавы інстытут паралельна вядзе ў нашай краіне 9 праектаў, і як адзначаюць эксперты, вынікі супрацоўніцтва цудоўныя. Так, на першым этапе рэканструкцыі М6 інжынеры змаглі знізіць кошт работ амаль на 100 мільёнаў долараў.

Ян Чул Кім, кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі: "Па гэтай дарозе будуць экспартаваць беларускія тавары ў іншыя краіны па ўсім свеце. Але таксама будзе і імпарт замежнай прадукцыі ў Беларусь, а таксама, калі дазволіце, і імпарт замежных турыстаў і інвестараў. Гэты калідор свайго роду стартавы пункт для бізнесу. У гэтым сэнсе ініцыятыва Беларусі аб 5-дзённым бязвізавым рэжыме - выдатная і своечасовая ідэя".

Паводле слоў экспертаў, пасля таго як у маі 2016 першыя экскаватары заехалі на трасу, патэнцыяльных інвестараў з Польшчы, Расіі і Кітая стала толькі больш.

Чатырох палосаў і 120 кіламетраў за гадзіну чакаюць і звычайныя аўтамабілісты. Сяргей - вадзіцель лесавоза - гатовы мірыцца з аб'ездамі і дарожнымі кішэнямі, галоўнае, каб новая траса адкрылася хутчэй.

Прасцей будзе не толькі ім. На некалькіх участках у Мінскай і Гродзенскай абласцях будаўнікі ўладкоўваюць калідоры для дзікіх жывёлін. Пункты дарожнай міграцыі выбіралі супрацоўнікі Акадэміі навук Беларусі. Дарэчы, унутры ніякага асфальта - падземны пераход высцелюць мохам і пасадзяць папараць.