Сельгасарганізацыі Мінскай вобласці пачалі пакос травы і нарыхтоўку кармоў

25 мая 2016

У гэтым сезоне касавіца пачалася раней, чым звычайна. Дарэчы, менавіта ад якасці кармавой базы ў будучыні залежыць і якасць мяса-малочнай прадукцыі. Чаму вытворчасць поўнага цыкла прыносіць найбольшую выгаду і чым аграрыі кормяць машынабудаўнікоў? Са Смалявіцкага раёна рэпартаж Аляксея Кандраценкі.

Высокая, шчыльная і сакавітая! Усе характарыстыкі шматгадовай травы гавораць пра тое, што прыйшоў час касьбы. Механізатар Аляксандр Сарока ўпэўнены як у сваёй тэхніцы, так і ў родным полі - камянёў тут дакладна няма. А значыць, 50 гектараў за адну змену апрацуе хутка і якасна.

На суседнім полі СВК «Першамайскі» за свежую майскую траву ў адказе цэлы статак. Прынцып «як 220 кароў языком злізалі» - іх калектыўная справа.

Франтальны выпас - аптымальны варыянт для жывёл. У кожнай каровы тут досыць прасторы, а значыць, і свежага корму.

Правільныя тэхналогіі кармлення прыносяць свае вынікі. Надоі на адну карову тут дасягаюць 24 літраў за дзень. У гэтым паказчыку «Першамайскі» сярод лепшых гаспадарак не толькі цэнтральнага рэгіёна - усёй Беларусі.

Кожны год у кожным раёне Мінскай вобласці адзначаюць Дзень жывёлавода. Спецыялісты галіны падводзяць вынікі, ствараюць планы на перспектыву. Артысты ж зараджаюць усіх добрым настроем.

У вытворчасці поўнага цыкла свае плюсы. Цэх перапрацоўкі вырабляе больш за 15 відаў гатовай мясной прадукцыі. Яна запатрабаваная на сто працэнтаў: акрамя сваіх магазінаў у Смалявіцкім раёне, гаспадарка забяспечвае харчаваннем прадпрыемствы холдынга «БелАЗ». Аграрыі гатовыя выйсці і на большыя аб'ёмы вытворчасці. Праўда, для гэтага спатрэбяцца і дадатковыя зямельныя рэсурсы.