Першыя літры чорнага золата здабылі са свідравіны ў Жлобінскім раёне

24 мая 2017

Ад 350-ці да 800 тысяч тон чорнага золата з новай свідравіны. Менавіта такі аб'ём нафты, паводле ацэнак спецыялістаў, знаходзіцца ў нядаўна адкрытым радовішчы на Усходне-Дабрагашчанскай плошчы ў Жлобінскім раёне. Распрацоўкі новага радовішча пачаліся ўсяго год назад, а сёння тут здабылі першыя літры чыстых вуглевадародаў. Як кажуць геолагі, залягаюць карысныя выкапні на трохкіламетровай глыбіні. І зараз праходзяць апошнія выпрабаванні, якія дапамогуць устанавіць дакладны аб'ём залежаў нафты.

Андрэй Каўхута, Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "Гэтая свідравіна з'яўляецца ўнікальнай, цікавая тым, што тут ужытая спецыяльная, дастаткова складаная тэхналогія, дастаткова складаныя калектары, шчыльныя. Таму ўжыта сістэма гідрападрыву. З дапамогай гэтай тэхналогіі вядзецца здабыча сланцавага газу".

Усяго ў Беларусі адкрыта каля 80-ці радовішчаў. Толькі летась здабылі больш за мільён 650 тысяч тон. Гэта прынесла дзяржаве каля паўмільярда долараў. Паводле ацэнак спецыялістаў, сёння беларускія вуглевадароды закрываюць звыш траціны ад штогадовых патрэбнасцяў краіны.