Да канца ўборачнай застаюцца лічаныя дні

18 августа 2017

Многія гаспадаркі завершаць жніво ў тэрмін і адправяцца на дапамогу ў суседнія. Каравай сёлета прагназуюць на 10 мільёнаў тон, гэта разам з кукурузай і рапсам. А калісьці пра такі ўраджай маглі толькі марыць - два дзесяцігоддзі таму ледзь дацягвалі да 4-х мільёнаў тон. Як гарантуюць харчовую бяспеку ў рэгіёнах краіны, раскажа Вераніка Бута.

Хлебаробны стаж у Мікалая Дзюбанава – больш чым 20 гадоў. Гаворыць, стомленасць за апошнія дні, магчыма, і назапасілася, але ён яе пакуль не адчувае. Ды і на момант выхаду гэтага сюжэту ў эфір бацька чатырох дочак, нарэшце, крыху раней прыйдзе дахаты і зможа павячэраць са сваёй сям'ёй. Сёння ў гэтай гаспадарцы ўборачную завяршылі.

Зрэшты, дажынкі ў гаспадарцы даюць магчымасць толькі выдыхнуць. Частку тэхнікі перакінуць на дапамогу суседнім сельгаспрадпрыемствам. А з панядзелка яшчэ некалькі адзінак паедуць абмалочваць збожжа і на прыватныя падворкі.

Дзякуючы ўзаемадапамозе ў Мінскім рэгіёне разлічваюць убраць збожжавыя ў тэрмін і не дапусціць страты ўраджаю.

У прадпрыемства "Шаршуны-агра" больш за тысячу гектараў збожжавых, працуюць тры камбайны. Калі б не непагадзь (а ўборачная тут пачалася толькі на пачатку жніўня), ужо былі б на фінішы. Затое ўраджайнасць на тутэйшых палях высокая - 42,5 цэнтнера з гектара (па краіне 36). Каб не ўпусціць каштоўны час, звярнуліся ў суседнюю гаспадарку.

Андрэй Жук да таго, як сесці за штурвал камбайна, адпрацаваў слесарам. Сёння ён адзін з лепшых не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Пачынаў разам з бацькам яшчэ ў 17 гадоў. А зараз і сам ужо бацька. Андрэй ведае: кожнае зярнятка на вагу золата. А ўборачная - час падзарабіць. Яго ўклад у агульны каравай - больш за паўтары тысячы тон.

У прадпрыемства свой жывёлагадоўчы комплекс, ёсць малочна-таварныя фермы. І нягледзячы на тое што пакуль у гаспадарцы ўбрана толькі 60 % плошчаў, ужо відаць: сваіх кармоў хопіць, дакупліваць нічога не прыйдзецца.

Новы рубеж сёння пераадолелі аграрыі Магілёўшчыны. Шклоўскі раён першым у вобласці намалаціў 100 тысяч тон збожжа. Тут і самая высокая сярэдняя ўраджайнасць - 52,5 цэнтнера з гектара.

Па тэмпах жніва ад лідара не адстае і Магілёўскі раён. Экіпажы камбайнераў агракамбіната "Зара" першымі ў вобласці намалацілі па 4 тысячы тон збожжа.

Ушаноўвалі чатырохтысячнікаў прама ў полі. Аграрыям дарагая кожная хвіліна, і яны не любяць, калі надоўга адрываюць ад гарачай пары.

У гонцы за ўраджай важна не забыць пра людзей - менавіта ў іх руках лёс будучага каравая. Уборачная гэтымі днямі пад пільным кантролем прафсаюзаў. Паралельна з хлебаробамі па ўсёй краіне працуюць мабільныя групы, якія манітораць жніво. А менавіта ўмовы, у якіх працуюць аграрыі. Пры наведванні гаспадарак асаблівая ўвага ахове працы, выкананню вытворчай дысцыпліны, стварэнню ўмоў для працы.

Як правіла, калі праблемы з'яўляюцца, іх вырашаюць на працягу сутак. Напрыклад, у Лоеўскім рэгіёне замест сухіх пайкоў зараз паўнавартасныя гарачыя абеды. А большую частку выдаткаў гаспадаркі імкнуцца браць на сябе. У Чэрвенскі раён закупілі бойлеры для вады. У сталовай Шаркаўшчыны з'явіўся новы халадзільнік. Аграрыям Віцебшчыны перадалі спецадзенне. Прафсаюзы абяцаюць: рэйды прадоўжацца і пасля завяршэння жніва.

Сярэдзіна жніўня ва ўсіх сэнсах гарачая пара для аграрыяў. Па Беларусі ў выхадныя да 34-х. А градус у палях яшчэ вышэйшы - многія гаспадаркі выходзяць на фінішную прамую. Але аб адпачынку беларускім аграрыям пакуль думаць не прыходзіцца. На чарзе яшчэ нарыхтоўка кармоў, а там не за гарамі і восеньская пасяўная.