Беларуская эканоміка ўжо сёлета выйдзе на ўпэўненую траекторыю росту

25 мая 2017

Такі пазітыўны прагноз даюць эксперты Еўразійскага банка развіцця ў традыцыйным квартальным эканамічным аглядзе.

Калі раней аналітыкі банка меркавалі паніжэнне валавога ўнутранага прадукту Беларусі на паўпрацэнта па выніках года, то ў новым дакладзе прагназуецца рост эканомікі на 1,3%. Дадатная дынаміка захаваецца і ў сярэднетэрміновай перспектыве. Паводле ацэнак банка, тэмпы росту эканомікі складуць 0,8% у наступным годзе і 1% - у 2019.

"Паляпшэнне прагнозу ў дынаміцы ВУП Беларусі абумоўлена больш хуткімі, чым чакалася раней, тэмпамі аднаўлення эканамічнай актыўнасці ў першым квартале, а таксама дасягненнем пагаднення па цэнах на газ і пастаўках нафты з Расіі", - гаворыцца ў аглядзе.

Эксперты таксама перагледзелі ў бок паніжэння і прагноз інфляцыі. Да канца года яна спыніцца на 8,6%. Утрыманню цэн будзе спрыяць збалансаваная грашова-крэдытная палітыка, адзначылі ў банку.