Абуральны выпадак безгаспадарчасці ў Слонімскім раёне

29 апреля 2017

Абуральны выпадак безгаспадарчасці ў Слонімскім раёне зацікавіў Камітэт дзяржкантролю. Тры гады мясцовая гаспадарка не магла вывезці з лесу амаль 200 кубаметраў дзелавой драўніны. Тое, з чаго збіраліся будаваць, пакінулі гнісці ў лесе. Сёння гэтае дрэва прыдатнае хіба што на распалку. Як бязладнасць цягне ўніз прадпрыемства, і што зараз збіраюцца рабіць з ляснымі кубаметрамі - у рэпартажы Дзмітрыя Смірнова.

Амаль 200 кубаметраў лесу тры гады былі нікому не патрэбныя. Фактычна за гэты час дзелавая тады яшчэ драўніна ператварылася ў дровы.

І дроў тут на некалькі лесавозаў. Эксперты нават падлічылі - з гэтай колькасці дрэва можна было лёгка пабудаваць два дамы. Дарэчы, пасеку ў 2014-м для слонімскай гаспадаркі "Пераможца" спецыяльна падбіралі менавіта з дзелавой драўнінай.

Калі дрэвы тры гады назад спілавалі, першы час яны захоўваліся на тэрыторыі ляснога фонду. "Пераможца" некалькі разоў прасіў падоўжыць тэрміны захоўвання. Але, урэшце, бярвенне прыйшлося вывозіць. Але сіл, мабыць, не хапіла - грузавікі даехалі толькі да палёў гаспадаркі па суседстве з лясгасам. Там дрэва і ляжала паўтара года.

Тлумачэнне ў гаспадаркі традыцыйнае, фактычна пад капірку - фінансавыя цяжкасці. Тры гады ім не атрымоўвалася знайсці грошы, каб прывезці ўжо спілаваныя дрэвы на месца. Між тым, прадпрыемства даўно і шмат завінавацілася мясцоваму лясгасу - больш за 3 000 рублёў.

Пад адкрытым небам, вядома, ва ўсіх сэнсах - вельмі рамантычна. Але наўрад ці эфектыўна. З месца апошняга захоўвання сюды, на тэрыторыю гаспадаркі, кубаметраў прыехала істотна менш, чым павінна было быць па дакументах.

Аляксандр Дабрук, начальнік аддзела Камітэта дзяржкантролю Беларусі па Гродзенскай вобласці:

"Усталявана падчас праверак паводле звестак бухуліку: у гаспадарцы захоўваецца каля 190 кубаметраў драўніны. Папярэдне абмяралі яе - засталося 130. Гэта значыць, не забяспечана нават захаванасць. Можна меркаваць, што іх скралі - бачныя сляды пад'езду машын, распілоўкі".

Каму дасталіся кубаметры, якія зніклі, будуць устанаўліваць супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. А ацалелае бярвенне дагэтуль устойліва пераносіць і непагадзь, і чалавечую безгаспадарчасць.