Трагедыя ў Віцебскім раёне

3 декабря 2016

Трое маладых людзей: двое хлопцаў і адна дзяўчына - загінулі ў выніку пажару ў дачным доме.

Трагедыя адбылася ў вёсцы Кукавячына. Ахвярам 18 і 19 гадоў. Паводле папярэдняй інфармацыі, агонь ахапіў драўляную аднапавярховую пабудову ў 4 гадзіны раніцы. Пажар заўважыў вадзіцель, які праязджаў паблізу. Ён і выклікаў ратавальнікаў. Паведамляецца, што ў 6 раніцы агонь быў патушаны. У выніку інцыдэнту абваліўся дах дома, выгарэлі сцены і маёмасць.

Святлана Сахарава, афіцыйны прадстаўнік УСК Беларусі па Віцебскай вобласці: "У выніку лакалізацыі пажару пасля 6 раніцы выяўлены труп сына гаспадыні дома 1997 года нараджэння. Таксама выяўлены труп жанчыны 1997 года нараджэння, якая з'яўляецца студэнткай аднаго з каледжаў Віцебскага раёна. Устаноўлена, што труп трэцяга мужчыны - гэта жыхар горада Віцебска, таксама 97-га года нараджэння. Зараз следчымі праводзіцца агляд месца здарэння".

Па факце смерці трох чалавек на пажары ўпраўленнем Следчага камітэта Беларусі па Віцебскай вобласці праводзіцца праверка. Прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы. Прычына пажару высвятляецца.