Буйное ДТЗ з беларускімі турыстамі ў Польшчы

25 апреля 2017

Сёння раніцай аўтобус на шашы паміж гарадамі Лодзь і Ловіч з'ехаў у кювет. У салоне знаходзіліся 41 пасажыр і два вадзіцелі. Траўмы ў 20. Адну цяжка пацярпелую шпіталізавалі верталётам у бальніцу Варшавы. Вядома, што ёй 54 гады. У жанчыны траўмы галавы і грудной клеткі. Астатніх адвезлі ў найбліжэйшыя бальніцы. Пра гэта Агенцтву тэленавін паведаміў прадстаўнік пасольства Беларусі ў Польшчы Валерый Ценкевіч. Таксама нам атрымалася звязацца з прэс-службай паліцыі горада Лодзь.

Дарэчы, незадоўга да аварыі вадзіцель змяніў за рулём свайго напарніка. Тым часам з Гродна ўжо выехаў на замену новы турыстычны аўтобус. Ён даставіць беларусаў дахаты. МЗС нашай краіны каменціруе сітуацыю пакуль толькі ў "Твітары", знаходзіцца ў кантакце з паліцыяй і медыкамі.