Шалёную лісу знайшлі ў Віцебску

28 июня 2017

Колькі часу рыжы драпежнік гуляў па горадзе - невядома. Людзі патэлефанавалі на гарачую лінію ўжо тады, калі звер быў мёртвы. Не выключана, што з лісой маглі кантактаваць і хатнія гадаванцы. Зараз спецыялісты абыходзяць кватэры, каб выявіць магчымыя кантакты чалавека з заражанай жывёлінай. Марына Раманоўская прадоўжыць.

Мёртвую лісу знайшлі раніцай жыхары гэтага двара ў цэнтры Віцебска. Жывёліна ляжала недалёка ад смеццевых кантэйнераў. Людзі адразу ж звярнуліся да спецыялістаў. Ледзь пазней лабараторныя даследаванні паказалі: ліса заражаная шаленствам.

Як доўга дзікі звер разгульваў па абласным цэнтры - невядома. Але людзі гавораць, бачылі лісу ў розных месцах горада. Ёсць версія, што жывёліна трапіла пад машыну. І ўжо мёртвую лісу кіроўца прывёз да смеццевых кантэйнераў. Зараз усе занепакоеныя тым, што шаленствам маглі заразіцца дваровыя сабакі і каты.

Спецыялісты ўжо абышлі ўсе кватэры дамоў не толькі двара, дзе знайшлі рыжага драпежніка, але і суседніх мікрараёнаў. Усюды з'явіліся аб'явы з інфармацыяй аб прафілактыцы. Да медыкаў па дапамогу пакуль людзі не звярталіся.

Спецыялісты гавораць: калі дзікая жывёліна прыйшла да людзей, то, хутчэй за ўсё, яна заражаная шаленствам. Летась у Віцебску і раёне было зарэгістравана шэсць такіх выпадкаў. Сёлета ўжо другі. І зноў ліса. Кантактаў з дзікім зверам тады ўдалося пазбегнуць.

Для чалавека шаленства - смяротнае захворванне. Адзіная мера прафілактыкі - гэта своечасовае правядзенне прышчэпак. Спецыялісты папярэджваюць: заразіцца можна не толькі ад укусу, але нават ад сліны хворай жывёліны.