|
|
 |
Праект
Цыкл "Нацыянальны набытак" аб'ядноўвае пяць тэлевізійных мастацкіх фільмаў, кожны па дзве серыі працягласцю да 52 хвілін. Сцэнарый напісаны паводле сюжэтаў раманаў беларускай пісьменніцы Вольгі Тарасевіч. Раманы Вольгі выходзяць у выдавецтве "Эксма", у серыі "Артэфакт-дэтэктыў". "Артэфакт-дэтэктыў" - чытанне для літаратурных гурманаў: вытанчаная інтрыга, цудоўны гістарычны антураж, эксклюзіўныя сюжэты. Галоўным прадметам нязменна становіцца артэфакт - прадмет мастацтва. Створаны ў мінулых стагоддзях, ён нараджае спачатку ажыятаж, а затым злачынства. Пакаранне адтэрмінавана, яго час настае толькі зараз...
У 2009 - 2010 гг. будуць экранізаваны пяць раманаў.
"Смяротны водар №5"
"Каралі Неферціці"
"Праклён Эдварда Мунка"
"Чысты лёд"
"Журботны анёл Шагала"
Прадзюсер праекта Глеб Шпрыгаў: "Мы вырашылі спыніцца на такім варыянце, зыходзячы ў першую чаргу з запатрабавання тэлеканалаў інфармацыйнай прасторы СНД у гэтым фармаце (серыял выхаднога дня). Упэўнены, абраны намі фармат адэкватна адлюструе раманную структуру матэрыялу".
Фясенка Алег Феліксавіч - рэжысёр-пастаноўшчык.
Дзядзейка Наталля Сяргееўна - другі рэжысёр.
Баразнаўскас Арунас Альбертавіч - галоўны аператар.
Ідэя і жанр
Усе пяць фільмаў звязвае адна агульная ідэя - галоўныя героі расследуюць заблытаныя злачынствы ў імя здабыцця краінай каштоўнасці, якая складае гонар нацыі, яе "нацыянальны набытак". Карціна Шагала, цудам пакінутая ў Беларусі, каралі з Егіпта, калісьці вывезеныя ў Беларусь, творчасць геніяльнага беларускага мастака ўзроўню Мунка…
Жанр фільмаў - на стыку дэтэктыва і меладрамы. Паралельна з разгадкай складанага злачынства развіваецца гісторыя кахання журналісткі Лікі Уронскай і прафесара крыміналістыкі Уладзіміра Сядова.
Рэжысёр-пастаноўшчык цыкла Ігар Пашкевіч: "Кінаматэрыял уяўляецца мне дынамічным, па-сучаснаму вострым, феерычным і парадаксальным. Нягледзячы на тое, што мы здымаем дэтэктыўныя гісторыі, пастараемся абысціся без цёмных фарбаў. Глядач будзе ўцягнуты ў тонкую інтэлектуальную гульню, у дзейства, дзе персанажы ў сваіх учынках кіруюцца складанымі псіхалагічнымі перажываннямі. Думаю, гэта будзе новае слова ў нашым беларускім кінематографе, які, на мой погляд, усё яшчэ не змог распавесці аб сапраўдным жыцці ў нашай краіне пераканаўча, свежа, ярка, аптымістычна".
Героі
У цэнтры апавядання - Ліка Уронская і яе сябар Уладзімір Сядоў.
Ліка Уронская - маладая (25), вельмі адукаваная дзяўчына, авантурыстка па натуры, Індыяна Джонс у спадніцы. Мастацтвазнаўца, яна ўдзельнічала ў міжнародных археалагічных экспедыцыях, мае мноства знаёмстваў у свеце навукі і мастацтва, у модным гламурным часопісе вядзе рубрыку, прысвечаную артэфактам, прадметам старажытнасці, аздабленням, багеме.
Свабодная, заможная, прыгожая. Але ў асабістым жыцці ў яе не ўсё гладка: мужчын адштурхваюць яе рашучасць і няздольнасць да трывалых адносін. Часта яе дзеянні апярэджваюць розум. Яна пастаянна трапляе ў рызыкоўныя сітуацыі.
Уладзімір Сядоў (45), наадварот, грунтоўны, замкнёны. Крыміналіст са стажам, ён займаецца раскрыццём злачынстваў у галіне мастацтва. Сям'ю яму замяняе праца. З'яўленне ў яго жыцці Лікі Уронскай - шанц на новае жыццё.
Ігар Касцючэнка, галоўны рэдактар праекта: "Пры падрыхтоўцы сцэнарыяў было вырашана наблізіцца да максімальнай рэалістычнасці. У фільме будзе шмат вядомых дэталяў і персон з беларускай штодзённасці. Да прыкладу, Уронская і Сядоў пазнаёмяцца ў Мінску, у Нацыянальнай бібліятэцы. Расследаванне справы аб знікненні карціны Шагала прывядзе іх на фестываль "Славянскі базар" у Віцебск. У гісторыі аб спадчыне Шанель будзе расказана аб свеце беларускага мадэльнага бізнесу".
Хроніка праекта
Ролю Уладзіміра Сядова ў цыкле тэлефільмаў "Нацыянальны набытак" выканае вядомы расійскі акцёр Андрэй Сакалоў ("Маленькая Вера", серыял "Адвакат"). Яго кандыдатура зацверджана пасля фотапроб, якія адбыліся ў кастрычніку 2009 года ў Маскве (гл. галерэю, фота Кірылы Ганчарова).
На ролю Лікі Уронскай зацверджана не менш вядомая зорка расійскага тэатра і кіно Алена Корыкава. Паўгода А.Корыкава мае намер правесці ў беларускай сталіцы і сканцэнтравацца на праекце "Нацыянальны набытак". Будучую працу над вобразам Лікі Уронскай актрыса лічыць вельмі цікавай і перспектыўнай. Для найбольш поўнага ўжывання ў ролю Алена Корыкава аднавіла заняткі французскай мовай. У першым фільме цыкла "Смяротны водар" ёй трэба будзе размаўляць з адным з галоўных персанажаў выключна па-французску.
Кастынг беларускіх топ-мадэляў будзе праведзены падчас падрыхтоўкі да здымачнага перыяду фільма "Смяротны водар №5". Гатоўнасць аказаць дапамогу здымачнай групе фільма выказаў гуру беларускага мадэльнага бізнесу Саша Варламаў. Пры яго непасрэдным удзеле будуць падрыхтаваны калекцыі адзення, стылізаваныя па матывах творчасці вялікай Како Шанель. Калекцыі будуць паказаны ў трох эпізодах фільма. |
|
|
 |
Завяршыліся здымкі мастацкага праекта Бетэлерадыёкампаніі "Нацыянальны набытак". (23.08.2010)
|
 |