Удасканаленая "Каробка перадач" - на "Беларусь 1"

Удасканаленая "Каробка перадач" - на "Беларусь 1" 17.02.2017

Прэс-рэліз

Папулярны праект "Каробка перадач", які выходзіць у эфіры галоўнага канала краіны ўжо больш за пяць гадоў, стаў яшчэ цікавейшым: абноўлены склад вядучых-экспертаў, адказы інспектара ДАІ на пытанні гледачоў, карысныя парады, тэсціраванне розных марак машын, знаёмства тэлеаўдыторыі з самымі незвычайнымі ўзорамі аўта- і мотатэхнікі, адважныя эксперыменты - карацей, сумна не будзе сапраўды як вадзіцелям са стажам, так і тым, хто толькі збіраецца атрымаць вадзіцельскае пасведчанне.

Аўтамабіль як неад'емная частка нашага жыцця робіць яго больш камфортным, выдатна эканоміць час, хавае ад восеньскіх дажджоў і беражэ ад зімовай сцюжы. Як бы гэта дзіўна ні прагучала для некаторых, але трэба навучыцца слухаць і разумець сваё аўто, правільна клапаціцца пра свайго жалезнага каня, а не абмяжоўвацца ўменнем прафесійна манеўраваць на дарогах. І ў гэтай сувязі "Каробка перадач" - ідэальны памочнік тэлегледачоў у рашэнні шматлікіх пытанняў, з якімі штодня сутыкаюцца не толькі аўтаўладальнікі, але і пасажыры і пешаходы.

Адказы на хвалюючыя аўтапытанні, рашэнне набалелых аўтапраблем, тэлеўрокі дыягнаставання і выпраўлення няспраўнасцяў у машыне, падказкі для догляду аўтамабіля, правілы дарожнага руху - праграма ахоплівае самы шырокі спектр тэм, паглыбіцца ў якія будзе карысна кожнаму.

Нездарма дэвіз "Каробкі перадач" - "Мы дорым вам паўгадзіны драйву і задавальнення!". Аўтары праекта імкнуцца зрабіць кожны выпуск не толькі адукацыйным, але і максімальна займальным. І ўсё гэта - дзякуючы багаццю цікавых рубрык і, вядома, харызматычным вядучым.

Так, навігатар праекта, яго сувязнае звяно - Алег Ціткоў. Ён майстар імправізацыі, вядучы з вялізным стажам - дваццаць гадоў за рулём. Алег прызнаецца, што любіць хуткасць за той адрэналін, які яна дорыць. "Гэты стан падобны да працы ў прамым эфіры", - падкрэслівае ён.

За "Мотарубрыку" ў праекце адказвае віцэ-прэзідэнт Беларуска-расійскага мотаклуба Сяргей Харлей. Ён у мотаруху амаль 20 гадоў, а на байку ганяе з 12-ці. У жыцці Сяргей - чалавек-анекдот, на любую тэму ў яго заўсёды знойдзецца вясёлая гісторыя.

"Урокі па контраварыйнай падрыхтоўцы" ў эфіры праводзіць Сяргей Аўчыннікаў - самы вопытны эксперт. Кожны яго сюжэт - сапраўдны майстар-клас! Дарэчы, Сяргей Алегавіч у аўтаспорце з 1979 года, з'яўляецца майстрам спорту, шматразовым чэмпіёнам Беларусі па ралі, старшынёй камітэта па ралі Беларускай аўтамабільнай федэрацыі, дырэктарам цэнтра контраварыйнай падрыхтоўкі і вядучым выкладчыкам па аўтаспорце ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.

Падборка "Аўтакур’ёзаў", змешчаных на YouTube, - справа Яўгена Кудзіна. Ён промень аўтагумару, як завуць яго калегі. Пацешныя моманты на дарозе, паказаныя ў эфіры, бясспрэчна, узнімаюць настрой тэлегледачам.

У "Аўтамайстэрні" працуе Яўген Салановіч - чалавек, які вучыць гледачоў правільна сачыць за аўтамабілем і своечасова яго абслугоўваць.

На пытанні тэлегледачоў з веданнем справы і па літары закона заўсёды адкажа старшы інспектар па асобых даручэннях упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Рэспублікі Беларусь Станіслаў Салавей.

Новымі асобамі праекта "Каробка перадач" ў гэтым тэлесезоне сталі Павел Казлоўскі і Уладзіслаў Радзюкоў. Першы адказвае ў праграме за "Тэст-драйв". У аўтажурналістыцы Павел - прафесіянал з вялікім стажам, чалавек, які не адзін дзясятак гадоў працаваў з аўтамабілямі і ведае пра іх вельмі шмат. Ён ездзіў на ўсім, пачынаючы ад цягачоў і самазвалаў і сканчаючы Ferrari і Porsche.

Уладзіслава Радзюкова можна пазнаць па голасе. 11 гадоў ён распавядае радыёслухачам усё, што ведае пра аўтамабілі. А ведае нямала, упэўніваюць аўтары праекта. Яго канёк - эксперымент. Аднайменная рубрыка, у якой аўто тушаць разнастайнымі спосабамі, утылізуюць іх, ваююць з эвакуатарам, - адна з самых запамінальных у праграме.

Праграма "Каробка перадач" выходзіць на "Беларусь 1" кожную нядзелю ў 12:35.

Адзначым таксама, што праект мае старонку ў сацыяльнай сетцы Facebook, дзе інтэрнэт-карыстальнікі могуць пакідаць свае каментарыі, прапановы, дзяліцца меркаваннямі, даведвацца апошнія навіны праграмы. Напрыклад, зараз самыя актыўныя тэлегледачы змогуць стаць удзельнікамі праекта. Падрабязная інфармацыя пра тое, як гэта ажыццявіць, - на старонцы афіцыйнай групы "Каробкі перадач".