|
|
 |
Славянскi базар у Вiцебску 2006
З 6 па 14 ліпеня Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" зноў збярэ ўсіх сваіх сяброў. Сустрэча музыкантаў, выканаўцаў, артыстаў, журналістаў і гледачоў грандыёзнага культурнага форуму сёлета будзе праходзіць пад знакам дзвюх дат: 15-годдзя фестывалю і 10-годдзя Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь на працягу многіх гадоў нязменна з’яўляецца адным з асноўных тэлевізійных партнёраў фестывалю. І ў гэтым, юбілейным для фестывалю годзе, Белтэлерадыёкампанія выступае ў ролі галоўнага тэлевізійнага і радыёвяшчальніка XV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
Белтэлерадыёкампаніяй запланавана шырокае асвятленне ўсіх значных мерапрыемстваў, якія пройдуць на "Славянскім базары ў Віцебску". На працягу дзевяці фестывальных дзён з эфіру Першага Нацыянальнага, тэлеканалаў "ЛАД" і "Беларусь-ТБ", а таксама Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё, радыёканала "Культура", радыёстанцый "Беларусь", "Сталіца" і "Радыус-FM" гледачы і слухачы змогуць даведацца самую поўную інфармацыю пра падзеі, што адбываюцца ў Віцебску, з прамых трансляцый, спецыяльных уключэнняў, а таксама інфармацыйных выпускаў Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі.
У планах Першага Нацыянальнага тэлеканала - паказ адкрыцця і закрыцця "Славянскага базару ў Віцебску", гала-канцэртаў майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі і Украіны, конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2006", юбілейнага канцэрта народных артыстаў Беларусі Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча "Каханне-лёс", аўтарскага канцэрта расійскага кампазітара Кіма Брэйтбурга "Дзве сястры - Беларусь і Расія", прысвечанага 10-ай гадавіне Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, гала-канцэрта, прысвечанага 20-годдзю Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, "Аркестр, які заўсёды свята".
Інфармацыйна-пазнавальная праграма "Добрай раніцы, Беларусь!" Першага Нацыянальнага тэлеканала падчас фестывалю будзе выходзіць у эфір прама з Віцебска. Пра самыя цікавыя і значныя падзеі фестывалю штодзённа тэлегледачам будзе расказваць Дзённік Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
Тэлеканал "ЛАД" 12-14 ліпеня будзе трансляваць IV Міжнародны дзіцячы музычны конкурс песні "Віцебск-2006".
Белтэлерадыёкампанія па традыцыі правядзе відэазапіс усіх асноўных мерапрыемстваў і начных канцэртаў для далейшага выкарыстання ў эфіры Першага Нацыянальнага і тэлеканалаў "ЛАД" і "Беларусь-ТБ".
Прамыя трансляцыі фестывальных канцэртаў на Першым Нацыянальным і тэлеканале "ЛАД" сёлета таксама будуць дубліравацца на плазменным экране на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.
IV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў адпаведнасці з Пагадненнямі аб супрацоўніцтве з Белтэлерадыёкампаніяй будуць асвятляць прадстаўнікі тэлерадыёкампаній з рэгіёнаў Расіі, а таксама Украіны, Малдовы, Балгарыі, Польшчы. Акрамя таго, магчымасць назіраць за фестывалем атрымаюць гледачы і іншых краін, на якія распаўсюджваецца вяшчанне спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь-ТБ". У рабоце фестывалю па запрашэнні Белтэлерадыёкампаніі таксама прымуць удзел прадстаўнікі Еўрапейскага Вяшчальнга Саюза.
"Прыемна, што Белтэлерадыёкампанія можа даваць магчымасць вялікай колькасці тэлегледачоў далучыцца да такой значнай міжнароднай падзеі, якой з’яўляецца Міжнародны фестываль "Славянскі базар у Віцебску", - адзначыў галоўны рэжысёр аддзела падрыхтоўкі тэлепраграм галоўнай дырэкцыі тэлевытворчасці Белтэлерадыёкампаніі Валерый Пестаў. - Для гэтага ў Віцебск адправіцца каманда першакласных спецыялістаў - супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі - колькасцю звыш 150 чалавек".
Белтэлерадыёкампанія запрашае ўсіх тэлегледачоў і радыёслухачоў сачыць за падзеямі IV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" на Першым Нацыянальным і тэлеканалах "ЛАД" і "Беларусь-ТБ", а таксама на хвалях Першага Нацыянальнга канала Беларускага радыё, радыёканала "Культура", радыёстанцый "Беларусь", "Сталіца" і "Радыус-FM". |
Афицыйны сайт фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" www.festival.vitebsk.by
|
|
 |
|
 |